Читать «Беркут. Кніга першая» — Мікола Міхайлавіч Адам онлайн
Страница 2 из 2
– Выключы! Размова ёсць, – голасна запатрабавала Ларыса ад дачкі. Яна без груку зайшла ў яе пакой, чаго нячаста дазваляла сабе. Пасля смерці мужа і бацькі сем гадоў таму асірацелыя дзяўчаты вырашылі жыць па-даросламу і паважаць асабістую тэрыторыю кожнай, праўда, спачатку нараўліся і прадэпрэсавалі. Ці, хутчэй, прадэпрэсавала Ларыса, суткамі не падымаючыся з ложка і забыўшыся пра існаванне дачкі. Што ж, дзяўчынцы самастойнасць пайшла толькі на карысць, і менавіта яна, Наташка, выцягнула маці з ямы безнадзейнасці і гора. У той час яны як бы памяняліся месцамі. Малая адчувала сябе больш дарослай за маці, клапацілася аб ёй, уходжвалася, гатавала ежу, хадзіла па крамах, пры гэтым не забывалася размаўляць з Ларысай на самыя розныя тэмы. Пакуль жанчына не абудзілася, бо і сапраўды быццам спала.
– Што? – незадаволена выключыла Наташка магнітафон, але без агрэсіі ў голасе.
– Пятровіча завезлі ў бальніцу на хуткай, – паведаміла тады Ларыса. – Мішка тэлефанаваў, прасіў пасядзець з бабай Дусяй, яна там зусім адна. І, напэўна, наўрад ці ведае, што здарылася.
– А ты? – напружылася Наташка. Яна любіла дзеда і чамусьці не сумнявалася ў тым, што з ім ніколі нічога дрэннага не здарыцца, такім упэўненым і непахісным волатам ён выглядаў у яе вачах. Мацярыны словы не маглі быць праўдай, толькі не з дзедам!..
– Што я? – не зразумела пытання дачкі Ларыса.
– Ты ведаеш? – удакладніла Наташка.
– Нічога і я не ведаю, – расчаравала яе маці. – Вось кажу табе як ёсць.
– Тады хадзем хутчэй, – ускочыла з ложка дзяўчына. – Бабулі сапраўды патрэбна наша падтрымка. Толькі, – задумалася на імгненне, – захаплю тое-сёе з сабой.
Яна адчыніла кніжную шафу, прысела на кукішкі, пацягнулася за нечым аберуч пад самую ніжнюю паліцу і неўзабаве выпрасталася, трымаючы ў руках важкі скрутак з поліэтыленавымі пакетамі, якія збірала ў якасці хобі. Хтосьці збіраў маркі або значкі, або паштоўкі ці календарыкі, або машынкі ці фігуркі салдацікаў, або партрэты артыстаў кіно ды эстрады, а Наташка захаплялася пакетамі, якімі, звычайна, ніколі не карысталася па прызначэнні. У яе калекцыі іх ужо налічвалася амаль сто, большасць з выявамі Пугачовай, Ратару, Баярскага і Лявонцьева, а таксама з кошачкамі, сабачкамі, прадстаўнікамі дзікай флоры і фаўны ды дзіснэеўскіх мульцікаў. Рэдка каму Наташка паказвала сваю калекцыю, нават маці не заўсёды, але бабуля павінна ведаць пра захапленне ўнучкі. Дзяўчына спадзявалася, што бабулю хоць ненадоўга пакіне неспакой пра дзеда, пакуль яна будзе разглядаць пакеты. Да таго ж зразумее не зусім прыгожыя ўнучкіны ўчынкі, павязаныя з крадзяжом грошай з бабулінага гаманца (мініпадробкі пад рыдыкюльчык), што нязменна знаходзіўся ў шафцы пад тэлевізарам. Да гэтага моманту Наташцы ніколі не было сорамна за выцягнуты рубель ці два ў давесак да абазначанай сумы на хлеб, малако і бліны, па якія нярэдка хадзіла для бабулі. Больш за тое, падобныя паходы ў краму лічыла сваім абавязкам. Яна не думала, што бабуля заўважае знікненне большай за агавораную суму грошай, бо тая ніколі не папракнула яе, адно зараз дапетрыла, што сорамна было бабулі назваць унучку злодзейкай. Немалую колькасць пакетаў Наташка набыла за тыя скрадзеныя ў бабулі грошы, яна пакажа старой калекцыю ў апраўданне сябе і, калі трэба, выбачыцца. Выпадак якраз спрыяў.
– Ты сур’ёзна? – не ацаніла Ларыса доччынага імпэту ў дачыненні да яе калекцыі.
– Вядома, – безапеляцыйным тонам адгукнулася Наташка і накіравалася з пакоя ў вітальню.
– Знайшла час выхваляцца незразумела чым, – усё ж упікнула Ларыса дзяўчыну.
– Паглядзім, – абязбройвальна ўсміхнулася ёй дачка.
Яны выйшлі на цёмную вуліцу. Ад бабулінага пад’езда іх падзяляў усяго адзін пад’езд. Двор за жалезнай зялёнай, аде дзе-нідзе з аблупленай ад фарбы ў шэрых плямах трубой звычна гуў дзіцячым і падлеткавым рознагалоссем. Змрокі зімоваю парой, звычайна, накрывалі горад рана, што не азначала, аднак, яго замірання і паглыблення ў спячку, як мядзведзя. Дзятва не прызнавала панавання цемры, да таго ж яна і не была абсалютам. Амаль ва ўсіх вокнах гарэла святло дый ліхтары, якім не паспелі яшчэ разбіць вочы каменнай атакай у гульні на меткасць, там-сям распырсквалі святло, быццам палівалі ім з лейкі кветкі. Зузім нядаўна і Наташка гойсала ў двары да позняй гадзіны, цяпер яна таксама дамоў не вельмі спяшаецца, але ўжо па іншых прычынах. Яна вучылася ўжо ў дзявятым класе, зазіралася на хлопцаў, а тыя позіркі, як алоўкі, ламалі аб яе прыгажосць і нават біліся. Такія смешныя, хто патлаты, хто з іракезам на галаве, хто лысы, але надзвычай цікавыя. Таму яна разумела маму і тых мужчын, якія хадзілі да яе. Некаторыя часам заставаліся на ноч. Наташка не асуджала Ларысу, ніводным словам не папракнула напамінам пра тату. Жывое – жывым. І, калі гэтак цягне мужчын да жанчын і наадварот, то што ў гэтым дрэннага?..
Дзверы ў патрэбны пад’езд, як заўжды, былі напята расчынены, напэўна, з-за адсутнасці кватэр на першым паверсе, бо з іншага боку дома першы паверх займала блінная. Натуральна, асвятленне ў пад’ездзе таксама адсутнічала, як і ў кожным іншым. Зрэшты, цемра на лесвічных пралётах ніколі не ставала перашкодай для жыхароў дома. Яны ведалі на памяць канфігурацыю лесвіцы і колькасць прыступак, аднолькавую ва ўсіх пад’ездах, таму, калі б нават вельмі захацелі, не памыліліся б, не аступіліся б і не зламалі б сабе шыю. Страх, відаць, адчувалі хіба што дзеці, і тое ў выпадку адасобленасці, аднак хуткімі крокамі пераадольвалі яго і ўжо побач з дзвярыма кватэры, у якой жылі, паказвалі страху і цемры казіную ножку. Нярэдка страх выкарыстоўваў супраць насельнікаў дома сабак, якіх гаспадары час ад часу выстаўлялі за дзверы. Тыя развальваліся на кілімку (абавязковы атрыбут перад кожнай кватэрай) пад дзвярыма і ў цёмную пару абавязкова аббрэхвалі ўсіх, хто праходзіў міма, але, хутчэй, ад уласнага страху. Зрэшты, Наташка ў свой час вельмі спалохалася нападу сабакі, што адбыўся на трэцім паверсе, калі аднойчы ўзбіралася пасля школы на родны пяты паверх. Сабака яе нават пакусаў і падрапаў ногі, яна куляй тады вылецела на вуліцу і заходзілася ў нястрымным істэрычным плачу, які доўга ніхто не мог спыніць. Маці гучна пасварылася з гаспадарамі сабакі і абяцала атруціць яго, калі той не знікне з лесвічнай пляцоўкі. Ён кідаўся не толькі на дзяцей, але тыя не прызнаваліся, на дарослых таксама, якія цярпелі хвілінную нязручнасць, бо не жадалі звязвацца і трапаць нервы. Усё ж Ларыса дамаглася свайго, і сабака больш ніколі не тэрарызаваў пад’езд. Ці не выпускалі з кватэры злоснага пудзеля, ці звезлі на лецішча або яшчэ куды, Наташка не ведала, але памяць пра яго засталася ў выглядзе ледзь прыкметных шнарчыкаў ад кіпцяў і зубоў на лытках пад самымі каленкамі.
У гэтым наскрозь цёмным пад’ездзе сабакі не вадзіліся, таму маці з дачкой без прыгодаў дапялі да кватэры Беркутаў і бесперашкодна зайшлі ў памяшканне. Разбуліся ў вітальні, распрануліся і паспяшаліся ў гасцёўню, дзе Еўдакія Дзянісаўна сустрэла іх трывожным позіркам з фатэля, да якога, здавалася, прырасла і выглядала адзіным з ім цэлым.
– Прывітанне, бабуль! – падскочыла першаю Наташка, абняла і чмокнула ў старэчую, але ружовую шчаку.
– Добры вечар, мама! – павіталася і Ларыса, якая іншай мамы не ведала ў сваім жыцці. Пасля вяселля з Сашам, першым сынам Еўдакіі Дзянісаўны, неяк аўтаматычна, паўтараючы за мужам, яна пачала звяртацца менавіта так да свякрові. Зноў жа аўтаматычна села ці, хутчэй, прысела ў фатэль Пятровіча, які стаяў збоку і адначасова насупраць фатэля з Еўдакіяй Дзянісаўнай, што свякрові не спадабалася, бо ў гэты фатэль раней ніхто, акрамя Беркута, не садзіўся. Гэты фатэль, такі самы, як і яе, мяккі, з утульнымі падлакотнікамі і спінкай, засланы цёплым покрывам, быў выключна яго месцам. У ім ён драмаў падчас перагляду тэлеперадач, нярэдка засынаў і заставаўся на ноч, пакуль не прасынаўся і не ішоў на кухню, дзе вымаў з лядоўні трохлітровы слоік самагонкі, настоянай на апельсінавых корках, вырабніцтвам якой займаўся ўласнаручна, наліваў у гранёную, адмыслова пакінутую для падобнай справы на шырокім падаконні, шклянку пяцьдзясят грамаў, ні больш ні менш, выпіваў, задаволена крактаў і вяртаўся дасынаць, аднак ужо не ў фатэль, а ў пакой да жонкі, уваход у які, прыхаваны карычневымі фіранкамі, знаходзіўся паміж фатэлямі. Ложкі ў пакоі, гэтаксама, як і фатэлі ў гасцёўні, стаялі не побач ці ўсутыч, а насупраць адзін другога, падзеленыя дзвюма тумбачкамі з лекамі. Ложак Еўдакіі Дзянісаўны падпіраў сценку з узорыстым дываном на ўсю яе паверхню. Беркут жа спаў ля акна. З мэблі пакой меў яшчэ драўляную вялізную шафу з асабістымі рэчамі старых, і тое, здавалася, што шафе было зацесна. Зрэшты, і Беркута, і яго жонку ўсё ў пакоі, дзе яны толькі спалі, уладкоўвала.
– Вы штосьці ведаеце? – не прывітаўшыся, але занепакоена пераводзіла вочы Еўдакія Дзянісаўна з нявесткі на ўнучку, якая адышла да тэлевізара, і наадварот. Яна не сумнявалася, што з Беркутам якаясь сталася бяда, інакш Ларыса ніколі б не села ў яго фатэль, але чамусьці гэта хавалі ад яе.
Маці з дачкой перазірнуліся, быццам пыталіся адна ў адной, якім мусіў быць адказ, бо самі нічога не ведалі, Наташка дык дакладна.
– Вы пра што, мама? – усё ж адказала Ларыса, але зусім не так, як на тое разлічвала Еўдакія Дзянісаўна. Цяпер яна не зводзіла пільнага позірку з мітуслівых вачэй нявесткі і, здавалася, буравіла іх у марных, аднак, намаганнях дабурыцца да праўды, якая не была вядомай нікому з прысутных.
– Навошта вы тут? – зразумела Беркуціха, што не пачуе жаданага, і зноў утароплівалася то ў твар унучкі, то ў твар яе маці.
– Мішка папрасіў, – шчыра адказала Ларыса.
– А сам ён дзе? – учапілася старая за імя сына.
– Я ведаю толькі, што ён паехаў на хуткай з Пятровічам у бальніцу, – не стала маніць Ларыса. Яна ўвогуле не любіла падманваць людзей, тым больш сталага веку, хоць у жыцці давялося нямала казаць хлусні, мусовай, натуральна, і датычнай іншых абставін, палярна іншых, павязаных з асабістымі праблемамі інтымнага характару. Еўдакія Дзянісаўна разумная жанчына, і падманваць яе – не варыянт, нават калі падман лічыць карысным. Не той выпадак. Ларыса, можа б, і распавяла ўсё як на духу, бо не бачыла сэнсу ва ўтойванні інфармацыі, якой не валодала, таму адно развяла рукамі і ў думках насварылася на Мішку. Ён пераклаў адказнасць перад маці з сябе на яе, што таксама можна зразумець, але нельга так рабіць, яна ненавідзела падобныя сітуацыі. Ненавідзела сябе, калі не магла нічым дапамагчы.
– А мне сказаў, што з Леўсам нешта штукарыць, – задумліва працягнула Еўдакія Дзянісаўна. – На ноч гледзячы. Не разумею, як іх штукарствы павязаны з Жэнем.
– Капец! – не ўтрымалася Наташка ад каментара. Ларыса сувора паглядзела на яе, і дачка адвярнулася да кніг за спінай, што суцэльнай сценкай, быццам шпалеры, апаясвалі палову памяшкання. Кнігі выпісваў і купляў Беркут. Ён лічыў найвялікшым дасягненнем чалавецтва пісьменніцкую творчасць, хоць ніколі нават не задумваўся штосьці напісаць, як, напрыклад, яго сучаснікі Віктар Астаф’еў, Юрый Бондараў, Васіль Быкаў, Барыс Васільеў ці Грыгорый Бакланаў. З задавальнененнем чытаў, асабліва як выйшаў на пенсію, але сапраўднай кнігаманкай была Еўдакія Дзянісаўна. Калі не глядзела тэлевізар, яна абавязкова чытала. На яе тумбачцы побач з фатэлем заўжды грувасціліся стосы кніг і часопісаў.
– Жэня не патэлефанаваў, не папярэдзіў, што затрымліваецца, – працягвала Беркуціха, – а гэта азначае, што з ім нешта здарылася, нешта нядобрае, калі дагэтуль не прыйшоў. Я ведаю гэта дакладна, бо ведаю Жэню. Вы штосьці ведаеце, але маўчыце. Напэўна, не хочаце мне рабіць балюча. Аднак робіце. Сваім маўчаннем.
Яна быццам упікнула Ларысу з Наташкай. І не быццам, а ўпікнула. Таму Наташка, якая памкнулася была паказаць бабулі калекцыю пакетаў, разумеючы, што несвоечасова, тым не менш пакрыўджана перадумала і села за стол з боку пакоя, які належаў дзядзьку Мішку. Ля іншага бока стала знаходзіўся фатэль Беркута, у якім сядзела Ларыса. Стол як бы падзяляў пакоі старых і іх сына, вялікі, рассоўны, па святах гасцінны, зноў жа з кнігамі да столі па сценцы, засланы выкшталцоным абрусам бел-чырвона-белага колеру з украінскім вышытым уручную арнаментам. На стале нязменным атрыбутам пукацілася шкляная ваза з букетам штучных кветак, побач з ёй, таксама нязменная і шкляная, застыла ваза, больш падобная на вычурную глыбокую міску, напакаваная з горкай цукеркамі, печывам і пернікамі, да якіх адразу і пацягнулася Наташка, аднак нічога не ўзяла, адно перабірала, не вымаючы, каб заняць рукі.
Тэлефон у вітальні непрыемным і быццам нязвычна гучным віскатам перацягнуў увагу на сябе, але ніхто з трох прадстаўніц розных пакаленняў жанчын не зварухнуўся з месца.
6. Май 1937 года. Горад Кранштат. РСФСР
– Сёння я з цябе грошай не вазьму, – сказала Беркуту чорнавалосая кудзерыстая маладая жанчына, устала з ложка, падхапіла няўлоўным рухам танклявай амаль празрыстай рукі на яркім сонцы, што ўсміхалася за акном, здавалася, тварыкам гарэзлівай дзяўчынкі, лёгкі сітцавы бэзавы халацік, накінула яго на сябе, і ён быццам ператварыўся ў другую скуру на ейным целе – прывабным, нават бездакорным на думку Беркута, целе, якое зусім нядаўна цалкам належала яму. – Але толькі сёння, – дадала дзяўчына, запахнула халат і села да трумо, каб ускудлачаныя пасля бяссонай ночы, праведзенай разам з Беркутам, валасы прывесці ў больш-менш боскі выгляд, бо ненавідзела, калі яны тырчалі ў розныя бакі, што здаралася даволі часта зранку. Беркут, не ўстаючы з ложка, пазіраў на спіну дзяўчыны, на яе дзівосны выгін шыі, адкрыты яго позірку з-за паднятых угару валасоў, паднятых на імгенне з асдмысловым нібыта разлікам, каб падражніць і зноў схаваць пад сабой прыгажосць ці, хутчэй, мастацтва прыроднай лепкі.
Міжвольна Беркутава рука пацягнулася па папяросы, выцягнула адну разам з запалкамі. Беркут закурыў.
– Не куры тут! – Яна не азірнулася на яго, бо бачыла ў люстэркавым адлюстраванні, не загадала, але прамовіла так, што Беркут падпарадкаваўся.
– Прабач, – адгукнуўся і пальцамі патушыў папяросу ды паклаў яе на крэсла са сваімі рэчамі на ім, перавешанымі з акна, побач з ложкам. Курыць ён пачаў нядаўна, хутчэй дзеля таго, каб выглядаць дарослым, чым дзеля задавальнення, да таго ж на курсе рэдкі курсант не курыў і Беркут не хацеў, каб яны лічылі яго белай варонай. Зразумела, бацька б не ўхваліў з’яўленне ў сына шкоднай звычкі, хоць сам смаліў цыгаркі адну за адной, ды не абы з чаго, з самасаду. Ён па-ранейшаму старшынстваваў у калгасе і вельмі неахвотна адпусціў адзінага наследніка вучыцца за свет. Не адразу, але зразумеў Беркутава трызненне морам. Напэўна, і дзед паўплываў таксама. Таму пасля заканчэння хлопцам восьмага класа неяк раз выклікаў да сябе ў кантору, афіцыйна і як не роднага, паведаміў, што праз раён і праз вобласць калгас дамовіўся з Вышэйшай ваенна-марской вучэльняй у Кранштаце аб залічэнні яго на першы курс без іспытаў, па адных адзнаках у школьным пасведчанні аб паспяховасці. Хутчэй за ўсё бацька злукавіў пра пасведчанне, бо сын яго не надта мог пахваліцца паспяховасцю ў вучобе, хоць асабліва і не адставаў ад выдатнікаў, дый паводзінамі ўзорнымі не вылучаўся. Беркут рос даволі хуліганістым, магчыма, у знак пратэста бацьку, якога паўсюль прыводзілі ў прыклад як адданага партыйца і кіраўніка, чый непахісны аўтарытэт ціснуў і гнуў да зямлі не аднаго Беркута. Менавіта аўтарытэтам ён і дамогся сынавага залічэння без іспытаў у тую самую вучэльню, куды юнак і прагнуў патрапіць. У любым выпадку Беркут паступаў бы ў Кранштат. Бацька яго апярэдзіў і прыемна здзівіў. Адзінае, што не спадабалася Беркуту, – гэта афіцыёз, але ён разумеў, што інакш бацька не мог. Бацька нават паехаў разам з сынам у той Кранштат, каб і сябе паказаць, і малога ўладкаваць як след, чаго Беркут, шчыра кажучы, не чакаў. Не чакаў пабачыць старога інакшым, чалавечным, добразычлівым, нават сентыментальным і расчуленым. Зазвычай бацька быў зусім не такім: суворым, напятым, як струна, нервовым і раздражнёным, гучным і бескампрамісным у аднойчы прынятым рашэнні. На чужой тэрыторыі, у незнаёмай мясцовасці не, ён не выглядаў разгубленым ці дэзарыентаваным, хутчэй клапатлівым, засяроджаным выключна на добраўладкаванні сына. З рэктарам і выкладчыкамі размаўляў зацікаўлена і паважаліва, тыя таксама ставіліся да яго з вялікай павагай. Аднак Кранштат яму не спадабаўся. Яму ўвогуле не падабалася марское паветра і ўсё, што было павязана з вадой. З першай хвіліны свайго жыцця да апошняга ўздыха бацька заставаўся казаком, няхай чырвоным, але казаком, чыёй стыхіяй з’яўляліся стэпавыя, палявыя і лясныя абшары. Беркут не ведаў (праз некаторы час яму прагаворыцца дзед), што бацька марыў жыць зусім іншым жыццём і ў зусім іншых часах, не ў тых, у якія выпала доляй. У снах ён бачыў сябе паплечнікам Багдана Хмяльніцкага, а то і самім Захарам Беркутам, чыім прамым нашчадкам з’яўляўся не па чутках і неаднаразова падкрэсліваў гэта ў нешматлікіх размовах з сынам. На жаль, сны свае ён ненавідзеў, бо тыя заставаліся ўсяго снамі, і распавядаў пра іх дзеду з лютай злосцю, аднак той бачыў, што непахісны старшыня без роздумаў і ваганняў памяняўся б месцамі з любым, калі б узнікла такая магчымасць, абы апынуцца хоць на гадзінку поруч з Хмяльніцкім на яве, а не ў хворым трызненні, як называў свае сны.
Бацька з’ехаў дамоў толькі тады, калі ўпэўніўся ў добраўладкаванні сына, якога нязвычная ўвага старога не бадзёрыла, а наадварот, напружвала. Ён не ведаў, як сябе паводзіць, як рэагаваць на тое запозненае цяпло з боку бацькі, схаванае да гэтага глыбока ў душы ці свядомасці і прарваўшае, быццам гной з раны, непатрэбнай і недарэчнай з’явай, а таму з палёгкай выдыхнуў, як толькі бацькава апекаванне засталося ў мінулым. Беркут застаўся адзін у чужым і незнаёмым горадзе, ды вось дзіва, не адчуваў сябе адзінокім, а ў вучобу, у тутэйшае жыццё закахаўся, бы ў жаданую і доўгачаканую жанчыну.
Заняткі ў вучэльні пачыналіся а восьмай раніцы, і да пятнаццатай гадзіны штодзень чыталася шэсць лекцый, пасля шостай вечара пачыналася праца ў майстэрнях і лабараторыях. Нягледзячы на тое, што вучэльня была закрытай навучальнай установай, а прысутнасць курсантаў на кожнай лекцыі была абавязковай, навучэнцам дазвалялася адлучацца з вучэльні да адзінаццатай гадзіны вечара. Па суботах яны мелі права выязджаць у Ленінград і заставацца там да адзінаццатай гадзіны вечара нядзелі.
Цесная сувязь з жыццём флота, порта і заводаў аказвалі на курсантаў не абы які ўплыў. Флот выхоўваў маладыя кадры для сябе. Курсанты ў порце мелі доступ на ўсе караблі, якія стаялі на рэйдзе, вывучалі іх унутранае размяшчэнне і абсталяванне, атрымлівалі апошнія звесткі ад асабістага складу. Жывая і непасрэдная сувязь з паўсядзённым жыццём флоту залучала як караблебудаўнікоў, так і механікаў з самага першага курса навучання ў кола жыцця флоту і прымушала пранікацца яго актуальнымі задачамі.
Улетку, пасля пераходных экзаменаў, курсанты выязджалі ў Ленінград на трохмесячную вытворчую практыку і размяркоўваліся па адміралцейскіх заводах, каб вывучыць пабудову драўляных кілевых шлюпак у шлюпачнай майстэрні, а затым азнаёміцца з размяшчэннем і абсталяваннем цэхоў па халоднай і гарачай апрацоўцы ліставай і профільнай сталі, якая ідзе на пабудову карабельных карпусоў. Далей у праграму ўваходзіла вывучэнне плазавых работ і зборкі корпуса на стапелі. Да канца практыкі патрабавалася прадставіць падрабязную пісьмовую справаздачу, праілюстраваную копіямі чарцяжоў, эскізамі ад рукі, малюнкамі і фотаздымкамі. Дзеля збору звестак, копій чарцяжоў і тэхнічных дадзеных курсанты маглі звяртацца да інжынераў у канторах будаўнікоў, да канструктараў у чарцёжных і да майстроў на будоўлях, а таксама да кожнага рабочага ля станкоў і кожнага зборшчыка на стапелях. Па заканчэнні летняй практыкі адбываўся праверачны іспыт камісіяй інжынераў Ленінградскага порта, пасля чаго курсантам дазваляўся месячны адпачынак. І так па коле, каб будучыя марскія капітаны ведалі свае судны не горш за анатомію чалавека, бо менавіта на іх плечы клалася адказнасць за жыццё каманды судна і за само судна.
У 1936 годзе былыя палітычныя курсы, прэабразаваныя ў Ваенна-палітычную школу загадам РВС за №235 на базе вучэльні, набылі статус Ваенна-палітычнай вучэльні флота, куды трапіў і Беркут. Гэта была не зусім вучэльня ў вучэльні, а хутчэй спецыялізаваны факультэт для асабліва адораных курсантаў, якія праявілі сябе не столькі ў спецыялізаваных навуках, колькі ва ўласных фізічных дасягненнях і праяўленні лідарскіх якасцяў у характары, мэтанакіраванасці, неадступнасці, волі. Кандыдатура Беркута, адзінага з усіх прэтэндэнтаў сярод курсантаў на сакрэтны факультэт, разглядалася без яго ведама. Так, ён трапіў туды выпадкова і невыпадкова адначасова. За ім назіралі і мелі на ўвазе амаль з першага дня залічэння на вучобу. Здольнасці юнака ўражвалі як непасрэдна кіраўніцтва вучэльні, так і прадстаўнікоў палітшколы, на базе якой у сапраўднасці рыхтавалі прафесійных разведчыкаў, не сухапутных, а марскіх, якія пры патрэбе маглі б узначалісь штурмавыя дэсантныя групы, мабільныя, бясшумныя, з высокім паказальнікам вынікаў пастаўленых задач. Беркут схопліваў на ляту веды, якімі дзяліліся выкладчыкі, і ўжо на трэцім курсе разбіраўся ў механіцы айчынных і замежных караблёў лепей за дыпламаваных інжынераў, што не было дзіўным, бо рыхтаваўся стаць капітанам, які мусіў ведаць вантробы будзь якога судна, асабліва таго, на якім давядзецца служыць, як свае пяць пальцаў; арыентаваўся ў тапаграфіі і марскіх мапах так, быццам сам іх маляваў, зноў жа выключна з-за імкнення быць сапраўдным капітанам не без, зразумела, рамантачна-ўзнёслага ўплыву кніг пра марскія прыгоды, якія глытаў з зайздроснай апантанасцю, гэтаксама, зрэшты, як і сур’ёзныя навуковыя працы аб ваеннай марской справе; ды галоўнае – меў байцовы характар, але не бяздумны і шалёны ў сваёй бяздумнасці, а стрыманы і матэматычна вытрыманы, характар стратэга, прычым стратэга бясстрашнага. Беркут быў бы прыўкрасным капітанам, гонарам і годнасцю флота, з лёгкасцю даслужыўся б да адмірала, калі б не яго дзівосныя перамогі на занятках па рукапашнай барацьбе і самаабароне. Ён быў патрэбны новастворанаму факультэту як ніхто іншы, тым больш што ў паветры пачынала пахнуць блізкай вайной, няхай яе магчымасць і адмаўлялася ў Крамлі, а тыя ваеначальнікі, якія сумняваліся ў словах Сталіна, знікалі бясследна. Тым часам і ў НКУС таксама зацікавіліся маладым дараваннем, бо факультэт, як высветлілася пазней, курыраваў ён. Некалькі разоў запар Беркуту намякалі ў кабінеце рэктара, куды адмыслова выклікалі, праўда, няўдала, што яму след бы перавесціся з факультэта, на якім ён вучыўся, у вучэльню больш вартую яго талентаў. Не загадвалі, што дзіўна, бо хлопец, звычайна б, выканаў загад. Але без загаду яго не цікавілі сумніўныя прапановы. Ён меў мару, і да гэтай мары мэтанакіравана ішоў. І тады вярбоўшчыкі схітравалі, каб Беркут нікуды не падзеўся ад абранага імі для яго лёсу. Навошта былі тыя складанасці ды разыграная цэлая п’еса, Беркут так ніколі і не зразумеў, напэўна, здагадваўся, але не хацеў верыць сваім здагадкам.
Конец ознакомительного фрагмента.
Текст предоставлен ООО «Литрес».
Прочитайте эту книгу целиком, купив полную легальную версию на Литрес.
Безопасно оплатить книгу можно банковской картой Visa, MasterCard, Maestro, со счета мобильного телефона, с платежного терминала, в салоне МТС или Связной, через PayPal, WebMoney, Яндекс.Деньги, QIWI Кошелек, бонусными картами или другим удобным Вам способом.