Перейти к содержанию

Вольны птах. Раман

Автор:

Категория
Современная русская литература
Год издания
Издательство
Издательские решения
ISBN
9785006276949
Возрастное ограничение
18+
Обновлено
25.09.2026

Аннотация

Сярэдзіна 1990-х. Мінск. Каханне. Жыццё і смерць. Малады чалавек сустракае дзяўчыну, чыя знешнасць і жыццё — суцэльная тайна. Аднак каханне творыць дзівосы.

Читать «Вольны птах. Раман» — Мікола Адам онлайн

Страница 4 из 4

– Вядома, – адказаў якудза.

– І хто? – нецярпліва перамінаўся я з нагі на нагу, нібы хацеў да ветру.

– Вы, – агаломшыў мяне адказам.

– У сэнсе я? – разгубіўся я і паплыў бы плаўлены сырок па патэльні.

– З вамі, праўда, была дзяўчына, – хутка дадаў ён. – Вы былі ўдвох з ёю. Яна купіла кнігу для вас, – працягваў якудза. – Вельмі прыгожая дзяўчына. Праўда, дзіўная. Поўная таямніц і загадак.

– Я дакладна быў не адзін, а з ёю? – ухапіўся за словы якудзы я, бы за саломінку тапелец.

– Так, – пацвердзіў якудза.

– Дзякую вам бязмежна, вы толькі што вярнулі чалавека да жыцця! – ледзь не палез я да якудзы з абдымкамі.

– Звяртайцеся, – ветліва ўсміхнуўся ён мне. – Заўжды рады дапамагчы.

Я выбег пад дождж, бы агонь, які патрабавалася пагасіць, ахоплены ўнутраным пажарам. Усё ж не звар’яцеў і ляжу не ў вар’ятні. А гэта значыць, што Насця сапраўды тэлефанавала ўначы і мы размаўлялі з ёй. Гэта значыць, што Насця – рэальны чалавек, а не вобраз, прыдуманы мной пад уздзеяннем атрыманай траўмы.

Кроплі дажджу намагаліся, рыхтык кулі, патрапіць у мой твар, які сядзеў, нібы ў доце, пад кепкай, чый брыль надзейна абараняў ад знешняга ўмяшальніцтва. Дождж злаваў, што не выходзіла па ягонаму, але ўзмацніць сябе, каб ударыць у поўную сілу, нечага яму не ставала. Мо не яго дзень быў. Ён церусіў, быццам трухаў, як старая заезджаная кабыла, існаваў толькі таму, што яму хтосьці дазволіў існаваць, але жалю да сябе не выклікаў, хутчэй смех. Так, дождж здаваўся смешным, хоць нічога смешнага ў яго трушку не заўважалася. Такі сабе сумны клоўн. І мой твар расплыўся ва ўсмешцы, недарэчнай, напэўна, і дзіўнаватай, ніякага дачынення не маючай да таго, як выглядаў дождж. Зашмат гонару для яго. Усміхаўся я Насці. Не, яна не з’явілася перада мной Сіўкай-Буркай, каб ашчаслівіць адным сваім выглядам, адной сваёй прысутнасцю, не. Усміхаўся я ўсведамленню, таму ўсведамленню, якое ў адначассе робіць з хлопчыкаў мужчын, хоць адказнасць пакуль яшчэ не пырхала крыламі за спінай у выглядзе матыля, але сігналіла недзе далёка наперадзе з нябачнага маяка аб сваім з’яўленні.

Я закурыў. З асалодай труціў лёгкія, якія, таксама з асалодай, прымалі ў сябе атруту: не меншыя за мяне наркаманы. Нас рознілі хіба што дозы і маштабы гэтых доз. Але параўнанне жывога чалавека, як сродка задавальнення, з цыгарэтамі падавалася блюзнерствам, якое, тым не менш, пасялілася, калі не ў сэрцы, то ў галаве дакладна, праз дзірку шуснула, бы ў нару і стаілася ў шэрым рэчаве вавёркай, пухнатым хвастом змятаючы з мозгу пыл дзён і начэй, які таксама праз дзірку прасочваўся сляпіцай.

Я ўжо вяртаўся ў будынак бальніцы, затрымаўся каля дзвярэй, прапускаючы праз іх жанчыну з клункамі, якая, відаць, прыехала аднекуль з вёскі праведаць мужа, ці сына, ці дачку, калі заўважыў Янку з Паўлам Гаспадынічам. Яны шпацыравалі па тэрыторыі ўпэўненай хадой маладосці. Я кінуўся ім насустрач, на хаду ўсмоктваючы ў сябе падзяку жанчыны за прытрыманыя дзверы. Падобная ветлівасць аджывала сваё, бо ў моду ўваходзіла агрэсіўнае быдляцтва, што запаўняла сабой усе слаі грамадства з хуткасцю саранчы і знішчала прыстойнасць, а калі не атрымлівалася знішчыць, аб’яўляла слабасцю і спісвала за непатрэбнасцю ва ўтыль. Быкаванне прапаведвалася як рэлігія, невуцтва віталася бы панацэя ад усіх нягод. Моцны біў слабога і лічыўся героем. Сапраўдным героям ламалі хрыбты шакалінай зграяй і выкідалі з жыцця ў калодзежы смерці. Кінгаўская імгла сышла з-пад маіх вачэй, адпаўзла, выпаўзла з бальніцы і накінулася на горад бы шалёная. Мо таму і дождж церусіў, а не заліваўся залевай…

Мы парукаліся. Сябры з заняткаў. Перад тым, як адправіцца ў «Першацвет» на чарговае пасяджэнне літаб’яднання. Непрыгожа з майго боку, нікога не папярэдзіўшы ні з персаналу бальніцы, ні з яе пацыентаў было пайсці разам з хлопцамі, але як атрымалася, так атрымалася. Ва ўсім вінаваты дождж. Заўжды вінаваты хтосьці, а не ты сам, ці не так?

У Доме літаратара на Фрунзэ, 5, дзе на трэцім паверсе за адзінымі дзвярыма ў правым крыле знаходзілася рэдакцыя часопіса «Першацвет» і там жа праходзілі сустрэчы літаб’яднання, народу ўжо было багата, калі мы зайшлі ў тыя самыя дзверы, напята іх адчыніўшы.

– А вось і класікі з’явіліся, не запыліліся, – агучыў наш прыход Алесь Герасімавіч Масарэнка, звяртаючыся да дзяўчат, якія былі тут упершыню і сядзелі ўздоўж стала так, што яблыку не знайшлося б месца ўпасці, калі б проста над сталом расла яблыня. «Класікамі» Алесь Герасімавіч называў усіх, хто больш-менш стала друкаваўся ў часопісе, без іроніі, але і не ўсур’ёз, хутчэй з бацькоўскай пяшчотай.

Дзяўчаты вылупіліся на нас цікаўнымі кацянятамі і ва ўсе вочы разглядалі тых, каго назвалі класікамі, хоць тым класікам, ніводнаму з іх, яшчэ і 20 гадоў не было.

Мы па чарзе парукаліся з Алесем Герасімавічам. Затым я пачуў ззаду сябе густы пастаўлены тэатральны голас Сяргея Патаранскага.

– Жывы, дзядьзка! – з вышыні свайго недасяжнага росту ён цягнуў вялікую і шырокую, бы рыдлёўка, далонь. – Віншую!

Мы парукаліся. Я, праўда, не зусім зразумеў, з чым той мяне віншаваў. З тым, што жывы, ці з нечым іншым, бо неяк загадкава ўсміхаўся і падміргваў.

– Так, віншуем, Мікола, – абступілі мяне Янка з Паўлам, – з чарговай публікацыяй! Прабач, не паспелі сказаць.

Янка палез ва ўнутраную кішэню курткі і выцягнуў новы нумар «Першацвета», які адно выйшаў, з маімі вершамі.

– А хто гэта? Хто? – пачуліся прыглушаныя галасы дзяўчат. Напэўна, яны пыталіся адна ў другой у спадзеве, што нехта з іх ведае маё прозвішча. Алесь Герасімавіч працягнуў асобнік часопіса дзяўчыне, што сядзела бліжэй да яго на разгорнутай старонцы з маімі вершамі, над якімі, натуральна, былі змешчаны і мой фотаздымак з імем ды прозвішчам. Астатнія дзяўчаты скупкаваліся вакол уладальніцы асобніка, зазіралі ёй праз плячо і галаву, каб таксама прычасціцца да добрага, светлага, вечнага.

– Трэба адзначыць, – намякаў Патаранскі мне, што не перашкодзіла б замачыць публікацыю, каб тая не сталася апошняй. Праз гадоў пятнаццаць яго каля пад’езда ўласнага дома нейкія ўпыры паб’юць так, што жывога месца не застанецца на целе. Хадзіць ён зможа адно па хаце пры дапамозе хадункоў. Моўны апарат будзе настолькі пашкоджаным, што пры размове з паэтам яго не адразу зразумееш. Самае страшнае, што пра Патаранскага ўсе забудуць. Аднак ён паспее зняць чатыры значныя дакументальныя стужкі, адна з якіх, прысвечаная Анатосю Сысу, набудзе статус культавай. На жаль, Сыс ніколі той фільм не пабачыць.

Я разглядаў сябе на старонцы з вершамі ў часопісе, доўгавалосага, усмешлівага, знятага ў фотастудыі на Маскоўскай у Доме быту. Чаго я ўсміхаўся тады? Чаму можна было ўсміхацца ў мёртвай студыі Дому быта? Я не памятаў. Хутчэй за ўсё выконваў просьбу фатографа, бо сказаў, дзеля чаго мне патрабавалася фота. Так, менавіта ён параіў мне ўсміхацца, каб спадабацца дзяўчатам, якія будуць гартаць часопіс. З усмешкай больш запамінальны твар, да таго ж выклікае давер. А я, відаць, хацеў быць сур’ёзным, ды з жаданнем маім фатограф не пагадзіўся і настояў на сваім. І меў рацыю. Вунь як дзяўчаты разглядаюць фота, а не яго арыгінал. Зрэшты, усё лагічна. Арыгінал – лысы, вушасты, у дзьмухаўцовай барадзе – не меў нічога агульнага з тым, хто ўсміхаўся з фотаздымка.

– Ну дык як? – не адставаў Патаранскі.

– Сяргей, – звярнуўся да яго Янка, – нічога, што Мікола адно з бальніцы і ў бальніцу яму вяртацца?

– Ды мы па пяць кропель усяго, – быццам не чуў яго Сяргей. – А гэта ж святая справа, – кіўнуў на часопіс у маіх руках.

– Добра, – пагадзіўся я, бо і самому захацелася адзначыць. Не кожны дзень здараліся публікацыі, то чаму і не адносіцца да іх як да свята.

Але не спяшыў.

Спачатку мы, па чарзе, прачыталі новыя вершы. Патаранскі чытаў больш і дольш за ўсіх. Ён любіў публіку, а публіка яго. Творы свае ён не чытаў, а дэкламаваў, называў іх то опус такі, то накцюрн сякі, то п’еса, то сцэна, то ўверцюра, то паланез… Карацей, намагаўся кожны верш выдаць за музычны твор, напісаны, аднак, не нотамі, а літарамі. Ці атрымалася ў яго? Яму апладавалі стоячы.

Ну а потым рушылі да «Жако», каб затарыцца некалькімі фаўстамі «Вермута», і зноў вярнуліся, але ў Дом літаратара ўжо не заходзілі, спыніліся на прыступках, што тырчалі збоку ад будынка іншародным прыдаткам, пад разгалістым дрэвам. І тут таксама чыталіся вершы, але не тыя, якімі можна б было падзяліцца на літаб’яднанні. Больш смялейшыя, больш мацнейшыя, больш такога кшталту, за якія б у 1937 годзе расстралялі без суда і следства.

Паступова літаб’яданне перабралася з трэцяга паверха Дому літаратара, бо час быў не гумовы і будынак зачыняўся да заўтра, да вулічнай лесвіцы, акупаванай намі пад высокім разгалістым дрэвам. Месца было казырнае. З аднаго боку яго хавала дрэва ад непатрэбнай увагі мінакоў, зрэшты, нецікаўных і даволі рэдкіх, бо вуліца не назаляла небу і сонцу шматлюднасцю, з другога – важкія і таксама высокія каменныя парэнчы, за якімі хаваліся і, уласна, лесвічныя прыступкі, і мы ўсе, як паселі на тых прыступках. З вуліцы нас не было відаць, адно чуваць, бо размаўялі мы гучна пад уздзеяннем «Вермута». Алесь Герасімавіч развітаўся з намі і пайшоў у бок метро, праўда, пагрозліва ці, мо, папераджальна пахітаў пальцам, маўляў, будзьце асцярожныя, хлопцы. Разам з ім сыходзілі дзяўчаты, абступіўшы паўколам яго грузную паставу. Зрэшты, не ўсе. Некаторыя далучыліся да нашай грамады. Напэўна, з-за Патаранскага. Ён быў найстарэйшым за нас і вучыўся ў Акадэміі мастацтваў на актора і рэжысёра, пра што ніколі не забываўся ўдакладняць пры знаёмстве з дзяўчатамі, намякаючы такім чынам на сваё светлае будучае ў кіно ды тэатры. Натуральна, кожная вялася. Ды ён і не маніў, да таго ж валодаў такім тэмбрам голасу, які зачароўваў з першага гуку рамантычна-узнёслыя душы маладзенькіх паэтак, якія, хутчэй за ўсё, нават марылі памыліцца, ашукацца ў ім, але пакінуць на памяць тое, што потым можна будзе выкарыстаць ва ўласнай творчасці. Ну і знешнасць меў Патаранскі артыстычную ў дадатак да творчага таленту. Ён не толькі пісаў вершы і марыў перавярнуць з ног дагары тэатральны і кінематаграфічны свет, як зрэшты, і кожны з нас, адно што іншы свет – літаратуры; ён пісаў музыку, пісаў карціны, пісаў п’есы, пісаў празаічныя творы. І з першага погляду закохваў у сябе. Таму не дзіўна, што дзяўчаты ліплі да яго, як мухі на мёд. Іншая справа, сам ён адносіўся да іх легкадумна. Дый мы, калі шчыра, таксама ў легкадумнасці мала чым адрозніваліся ад яго. Увага дзяўчат, так, акрыляла, падвышала самаацэнку, прымушала выпінаць грудзіну і хадзіць гогалем, але не больш за тое. Сур’ёзныя адносіны? Якія сур’ёзныя адносіны, калі мы такія маладыя, а дзяўчат процьма, і самых розных ды на любы густ! Мы нават да Паэзіі ставіліся як да каханкі ў большай ці меншай ступені, а не да каханай дзяўчыны, хоць па-блазенску казалі, што адданыя да канца жыцця толькі ёй і больш нікому. На філфаку, сустракаючыся перад заняткамі або пасля іх, збіраліся ў прыбіральнях і чыталі вершы там, не каб прынізіць, вядома, Паэзію, а падкрэсліць інтымнасць нашых адносін з ёй. Панядзелкі ў «Першацвеце» чакалі з нецярпеннем штотыдзень, хоць бачыліся кожны дзень на факультэце, як спаткання з жаданай дзяўчынай, асабліва ў нефармальнай абстаноўцы, пасля афіцыйнага пасяджэння, якое, зрэшты, ніякім афіцыйным пасяджэннем не было. Там мы знаёміліся, каб потым, на вуліцы, знаёмства тое ўзмацніць. Там мы дыхалі і не маглі надыхацца водарам чысціні, метафар, строф… Паэзія, здавалася, зазірала ў душу кожнага з нас там, цалавала, лашчыла і абяцала хуткую сустрэчу з сабой сам-насам неўзабаве. Мы верылі. Мы любілі. Мы ведалі, хто мы. І не сумняваліся ў сваім веданні. Алкаголь, які мы прымалі, не разбураў тое, аб чым нас палохалі. Наадварот, ён трымаў нас поруч. І мярзотны, зацугляны небам зранку дождж таксама нічога дрэннага не мог нам зрабіць.

Тым не менш час не стаяў на месцы. Мне трэба было вяртацца ў бальніцу. Янка праводзіў мяне да самых дзвярэй. Але спачатку мы пасадзілі Паўла на аўтобус да Сокала. У раён, дзе ён жыў, рэдка хадзіў транспарт. Мы мусілі ўпэўніцца, што ён даедзе. На развітанне абняліся.

Конец ознакомительного фрагмента.

Текст предоставлен ООО «Литрес».

Прочитайте эту книгу целиком, купив полную легальную версию на Литрес.

Безопасно оплатить книгу можно банковской картой Visa, MasterCard, Maestro, со счета мобильного телефона, с платежного терминала, в салоне МТС или Связной, через PayPal, WebMoney, Яндекс.Деньги, QIWI Кошелек, бонусными картами или другим удобным Вам способом.